ЛІ́НІЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗІ,

лінія сувязі, у якой перадача сігналаў ажыццяўляецца з дапамогай радыёхваль, што распаўсюджваюцца ў атмасферы Зямлі, водным асяроддзі, касм. прасторы.

У радыёсувязі адрозніваюць доўга-, сярэдне-, каротка-, ультракароткахвалевыя Л.р., у якіх для перадачы сігналаў выкарыстоўваюць розныя слаі атмасферы, што адрозніваюцца сваімі эл.-маг. ўласцівасцямі і адпаведна рознымі ўмовамі распаўсюджвання і адбіцця радыёхваль. Найб. пашыраны радыёрэлейныя лініі сувязі, у якіх выкарыстаны асаблівы эфект распаўсюджвання ЗВЧ-радыёхваль. З развіццём касманаўтыкі для сувязі паміж касм. лятальнымі апаратамі і наземнымі пунктамі кіравання створаны розныя касм. і спадарожнікавыя Л.р. (гл. Касмічная сувязь, Спадарожнікавая сувязь).

М.А.Баркун.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)